Вясковыя калекцыянеры

Вясковая школа ў Вялікіх Бялевічах была пачатковай, чатырохкласнай. Стаяла яна на скрыжаванні дзвюх вуліц. Гэта быў невялікі драўляны дом, расшыты перагародкай на дзве часткі, або, як кажуць,— сумежныя пакоі. Асобна былі адгароджаны настаўніцкая і пакойчык-гардэроб. Пры ўваходзе стаяў алюмініевы бачок з вадою, каля яго — эмаліраваны карэц. У час пераменак тут было заўсёды ажыўлена — вучні, набегаўшыся, стаялі на вадапой.

У трэцім класе Бялевіцкай пачатковай школы я ўжо ведаў: жадаю маляваць і стану мастаком.
Да гэтага, ва ўзросце сямі гадоў, адбылося здарэнне, якое я запомніў на ўсё жыццё. Праз некалькі двароў ад нас жыла сям’я Галаевых, і былі ў іх два сыны. Адзін з хлопцаў маляваў. На старонках сшытка ў клетачку альбо ў лінейку алейнымі фарбамі. Як яны блішчалі, пераліваліся-зіхацелі сакавітымі колерамі, яркімі і адкрытымі! Фарбы наносіліся смелымі мазкамі, не змешваліся — у чыстым выглядзе, і, па ўсім відаць, пальцамі адразу на паперу, бо ні пэндзляў, ні растваральнікаў у Галаевага хлопца не было.

Я ўпершыню ўбачыў такі цуд і болей ні на дзень пра яго не забываўся.
У майго старэйшага брата, Анатоля, было таксама захапленне, але калекцыянерскае: ён збіраў «цікеткі», як мы тады называлі этыкеткі і розныя наклейкі, а я дапамагаў яму. Звычайна калекцыю папаўнялі шляхам выменьвання паасобных яе экземпляраў. У маім дзяцінстве карабкі з-пад запалак былі драўлянымі, а на іх налепленыя разнастайныя карцінкі-«цікеткі». Гэтыя карцінкі захаплялі багаццем сюжэтаў і выяў: жывёлін, птушак, архітэктурных пабудоў, рэпрадукцый карцін. I чаго там толькі не было! Мы з братам шчыравалі, не прапускалі выпадку, каб здабыць новую карцінку. Пільнавалі паступленні запалак у сельмаг, а калі разам з бацькамі бывалі ў гасцях у суседніх вёсках, абавязкова вывучалі «цікеткі» на каробачках у гаспадароў. Проста жылі жаданнем — зняць наклейку. Асцярожна, часам прыходзілася намочваць вадой альбо слюнявіць, пасля здзіралі, прасушвалі, нават прасавалі. Хваліліся набыткамі, паказвалі сябрам-калекцыянерам.
Мы мелі адну з лепшых калекцый у Вялікіх Бялевічах. Яе папаўненне было цікавейшым заняткам, яно праходзіла пад поўным кантролем старэйшага брата. Да свайго багацця і ён, і я адносіліся беражліва, а калі адбываўся абмен, слова брата было законам. Тым больш што многія падбівалі мяне як малога і неразумнага на нераўнацэнныя выменьванні: прапаноўвалі ржавы цвік, кавалак цацкі, аскепак каляровага шкельца, грудку бітуму і іншы скарб з хлапечых кішэняў.

Малюнкі Галаевага хлопца ўразілі мяне да глыбіні душы. Памятаю, яны былі свежымі, ад іх пахла алеем, і дастаткова было толькі ўявіць іх — гэты пах адразу з’яўляўся, дражніў мяне. Аднойчы брат з бацькамі пайшоў на маю радзіму, у Вугольшчыну, у госці да радні. Мяне пакінулі вартаваць сядзібу. Галаевы хлопцы па-суседску запрасілі пагуляць у іхнім двары. Пахваліліся сваімі творамі, паказалі, як яны ўмеюць маляваць. Я быў у захапленні. Размова зайшла пра абмен калекцыямі. Мала таго, мне ў дадатак да сшытка з малюнкамі паабяцалі аддаць фарбы. Вынеслі, паказалі іх — невялічкую каробачку з малюсенькімі цюбікамі, падарунак дзядзькі з Магілёва. Гэта канчаткова вырашыла справу — мяняемся! Маім сумненням была пастаўлена кропка.

Я быў шчаслівы. Калекцыю малюнкаў, прыкладна з дзесятак, прынеслі ў бацькоўскі дом, аддалі мне і фарбы. Я ведаў, дзе схаваны каштоўнасці брата, хуценька дастаў іх і без ценю сумневу аддаў Галаевым.

Вынік майго першага творчага абмену быў драматычны. Калі брат Анатоль даведаўся, што я нарабіў, доўга ганяў дубцом вакол хаты, сцябаў па нагах. Я ўцякаў і плакаў.

У роспачы брат выкінуў вымененую мною калекцыю шэдэўраў у пясок на вуліцы.

Я, седзячы ў пяску, горка плакаў і абтрасаў ад пылу размазаныя, зацёртыя лісты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *