Стружкі
Прыгожая, чырванашчокая, як буйная і падрумяненая на сонцы груша-дуля, малодшая дачка ляснічага, Любка, жыла ў доме насупраць дзедавай сядзібы. З ёй мы весела бавілі час: ганялі курэй, гусей, бегалі адно да аднаго ў госці, вандравалі па выгане, даследавалі вясковую вуліцу. Ёй было пяць, мне на год меней, аднак нашаму сяброўству гэтая розніца ва ўзросце не шкодзіла.
Мой дзед Іван не толькі ў нашай вёсцы, але і ва ўсёй акрузе славіўся як майстар на ўсе рукі. Зрубіць дом, змайстраваць санкі, вазок ці канапу было для яго справай звыклай. Дабротная хата, дагледжаная гаспадарка, агарод, хаткі пчол пад старой высокай грушай. I каб мы не лезлі да вулляў, палохалі: пчолы любяць кусаць непаслухмяных дзяцей. Далей пачынаўся сад, вялікі і недасяжны, ён сцяною, як лес, высіўся за агародам.
Дзед кожны дзень працаваў у двары па гаспадарцы. Калі дзед цяслярыў, для мяне было вялікае свята. Напярэдадні, звечара, ён ладзіў — вастрыў і тачыў — інструмент у кутку двара, дзе расла дзічка з густой кронай, усыпанай салодкімі чырвонымі пладамі. Пад ёй стаяла драўлянае карыта на чатырох каменных нагах, а зверху было прыстасавана каменнае кола, дыяметрам у паўметра, гладкае і цяжкае. Праз сярэдзіну кола праходзіў пруток, які абапіраўся на сценкі карыта і быў выгнуты ў калаўрот-ручку. Дзед Ахрэм, брат дзеда Івана, і мой бацька тачылі сякеры, рубанкі, нажы. Дарослыя па чарзе круцілі калаўрот. Карыта напаўнялі вадой, яна вірыла і булькала, гукі зліваліся з металічным шаргаценнем у адну мелодыю.
Я любіў назіраць, як дзед віртуозна працаваў з інструментам — піліў, габляваў. Спакойна і прыгожа. Свежыя стружкі вялікімі кольцамі выкручваліся з фуганка, ператвараліся ў доўгі серпанцін і бязгучна клаліся на зялёную траву, густую і мяккую, як дыван. Габляваныя драўляныя брускі былі гладкія і цёплыя, як шчочкі ў Любкі. Кавалачкі абрэзанага дрэва штораз перападалі і нам на гульні.
Дзед рабіў рамы ў бацькоўскі дом. У паветры разносіўся духмяны пах сасновых стружак, якія ў промнях яркага сонца золатам пераліваліся і вабілі нас падурэць. Мы з Любкай аж заходзіліся ад шчасця, тузаліся, падкідвалі і расцягвалі стружкі па двары і не звярталі ўвагі на строгія дзедавы пагрозы.
Дзед перапыніў працу, сеў на калоду каля ганка — вырашыў перакурыць і адпачыць заадно. З асалодай выпіў квасу, прынесенага бабуляй Настассяй. Дастаў торбачку з тытунём, скруціў з газеты «казіную ножку», запаліў. Смачна зрабіў доўгую зацяжку, засяродзіўся, выпускаючы дым, як паравоз. I раптам па яго твары прабегла ўсмешка. Гукнуў, каб мы падышлі бліжэй да яго. Акінуў позіркам з галавы да пят і кажа: «Вінцэсь, ану падатры Любцы нос!» Я прысеў, згроб добрую жменю мяккіх, пахучых, лёгкіх, як пух, стружак. Падбег да сяброўкі. Разгубленая, яна цвёрда стаяла, як статуя на пастаменце, а я сумленна шчыраваў-шураваў, размазваючы ў Любкі пад носам і расціраючы па твары.
Любка мела характар стрыманы і паслухмяны і таму цярпела маё старанне. Дзед смяяўся: «Досыць, унук, досыць, малайчына!» Я быў задаволены зробленай справай, а яшчэ тым, што атрымаў пахвалу ад дзеда. Любка стаяла ў роспачы і не ведала, ці то ёй заплакаць, ці то радавацца, што я закончыў балючую «працэдуру». Ад напругі і майго націрання яна расчырванелася, як вараны рак, надзьмулася і сапла. Дзеду Івану здалося — варта паўтарыць. Да Любкі імгненна дайшло, што зноў пачнецца экзекуцыя, і яна хуценька — спачатку левым, а потым правым рукавом — расцерла соплі па чырвоным твары і, шчаслівая, усміхнулася.
Выратавала нас бабуля Настасся. Яна пачаставала мяне і Любку салодкім квасам з хлебных каржоў, а дзеда, у пакаранне, выправіла па ваду да калодзежа. Сяброўцы і мне абмыла твары, выцерла ручніком і папрасіла збегаць на выган, да рэчкі, паглядзець гусей. Мы абрадаваліся нечаканай прапанове, бо не часта нам дазвалялася такое. Стружкі ляцелі ўгару, пасыпаючы нас, узрушаных і шчаслівых. Мы беглі, а здавалася, луналі ў прасторы, напоенай водарам свежых хваёвых стружак.