Паляванне на дразда

У гаспадарцы Бено Вікенбёкера тры каты. Чорны — ціхмяны і падобны на пантэру — трымаецца асобкам. Сярэдні — белы кот з рудым хвастом, рудымі вушамі і такой жа плямай на галаве — больш рахманы, але таксама пужлівы і недаверлівы. Маленькі коцік Рэмба — белыя мордачка, грудзінка, пярэднія і заднія лапкі, жывоцік шэранькі, з чорнымі прадаўгаватымі палоскамі — самы жвавы, і няма хвіліны, каб ён не дурэў.

На зялёным дыване мяккай, нізка пакошанай муравы стаіць дом Бено — аднапавярховы, пад навіслай страхой, белы, з вялікімі вокнамі, па перыметры зарослы шчыльнай сцяной дэкаратыўных кустоў і дрэў. Надвячоркам я сядзеў на тэрасе дома і слухаў, як спяваў дрозд. Раптам раздаўся пранізлівы птушыны крык. Лісце дрэў і кустоў пайшло веерам. З глыбіні густой цёмна-зялёнай лістоты выскачыў белы кот з рудым хвастом, моцна трымаючы ў зубах птушанё, якое пішчала і малаціла крыламі па мордзе драпежніка, але безвынікова. Сярод залітай святлом палянкі кот схамянуўся, рэзка стаў, убачыўшы мяне. Яго зялёныя круглыя вочы, разгубленыя і напружаныя, свідравалі мяне позіркам. Імгненне. Я зрабіў крок наперад. Кот інтуітыўна зразумеў небяспеку свайго становішча, імпульсіўна развярнуўся і даў драла ў гушчар.

Кот ляцеў уздоўж кустоў, як страла, выцягнуты доўгі руды хвост узмацняў гэта падабенства. Уздагонку маю мову ён не разумеў. Але кот хоць і бег з усяе моцы, аднак увесь час па гэты бок кустоў-агароджы. Я кінуўся наперарэз і праз хвіліну ўжо стаяў на яго шляху. Ад нечаканасці руды выпусціў птушанё, якое ў тое ж імгненне паднялося на метр угору, але — скачок, і кот завіс у паветры, кіпцюрамі ўчапіўся ў ахвяру і спружыніста прызямліўся. Здабыча была ў зубах. Зрабіў рэзкія выпады, як заяц, сігануў у кусты. Паляванне рабілася стрэсавым не толькі для птушкі, але і для ката. Я таксама не здаваўся. З другога боку кустоў шугануў рудога бандыта, і той зноў выскачыў на адкрытую пляцоўку. Застыў. Нас аддзялялі пяць метраў. З размаху правай нагой я запусціў сандалю, якая акурат прыйшлася кату пад руды хвост. Не так ад болю, як ад нечаканасці кот падскочыў, гучна мяўкнуў, птушанё выпала з разяўленай у момант крыку зяпы, з апошніх сіл узляцела — і ў куст. Я кінуўся ўслед, кот за мною.

Я апярэдзіў драпежніка. Растапыраныя пёркі тырчалі з-пад куста, і я асцярожна ўзяў птушанё ў рукі. Разгледзеў. Досыць ладная птушка, якая ўжо магла лётаць. З раскрытай доўгай дзюбай, прыплюшчанымі вачамі, яна моўчкі сядзела на маіх далонях, і толькі сэрца часта тахкала. На шыйцы — памятыя пёркі ад зубоў ката. Птушанё дразда. Увесь час, пакуль доўжыўся наш з катом паядынак, старая птушка лётала, галосячы, кідалася то на ката, спрабуючы адбіць свае дзіцё, то зноў на дрэвы. Узгадаўся выпадак з дзяцінства, калі ў далёкі навальнічны вечар вось гэтак жа трымаў у руках жаўтароціка. Кот на бяспечнай адлегласці сачыў за мной. Па ўсім было відаць, што ён не адмовіўся ад палявання на дразда і ў любы момант гатовы вярнуць сваю здабычу.

Я з птушанём пайшоў у дом. Некалькі разоў сунуў раскрытую дзюбку ў ваду, але дроздзік амаль не праяўляў прыкмет жыцця, яго крылцы і лапкі бязвольна ляжалі. У доме знайшоў сплеценую глыбокую карзіну, апусціў у яе дразда. Паставіў ваду, накрышыў хлеба. Птушка нерухома ляжала на дне. Шчыльна зачыніў дзверы, выйшаў на тэрасу. Прарэзліва свістаў на дрэве дарослы дрозд, пераскокваючы з галінкі на галінку. Кот хадзіў каля кустоў кругамі, перажываў, не мог змірыцца з асабістай праблемай і неяк сумна — разгублена ці то пакрыўджана — пазіраў у мой бок.

Праз гадзіну я вынес карзіну ў густы купнік дрэў. Дастаў птушаня, раскрыў далоні — і, адчуўшы волю, дроздзік рэзка адштурхнуўся лапкамі, узляцеў і знік у густых шатах.

Раніцай на дрэве з чырвона-барвяным лісцем спяваў дрозд. Бела-руды кот сядзеў на тэрасе, глядзеў на дрэва і, слухаючы спеў птушкі, думаў аб нечым сваім. Уставала сонца, пачынаўся новы дзень.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *