Навальніца

Якая магутная праява стыхіі! Замірае прырода, сцішаецца жывая істота нават у яе прадчуванні. Спякотнае лета шчодрае на навальніцы. З асаблівым хваляваннем я чакаў у дзяцінстве арабінавыя ночы, калі маланка «паліць» арэхі. Пустыя плады арэшын яна пазначае маленькімі круглымі дзірачкамі з падпаленымі краямі. З астатніх жа арэхаў выспеюць пад восень салодкія паўнюткія лузаны. Дзеля гэтага я гатовы быў мужна перачакаць начны неўтаймоўны шал агню і вады. Неба скаланалі грымоты. Пярун біў без перапынку. Дзедава хата, здавалася, ходырам хадзіла ад раскатаў грому і трэску маланкі. Начную цемру залівала белае, як малако, святло. Дождж ішоў шчыльнай сцяною.

На ўзгорку за рэчкай расла высокая старая ліпа. У адну з такіх начэй лёс яе быў вызначаны: маланка раскалола магутнае дрэва на дзве часткі і запаліла, як свечку. Гэтае відовішча адбілася ў маіх вачах і засталося ў памяці назаўсёды. Вось і цяпер, калі збіраецца на навальніцу, у маім уяўленні ўспыхваюць водсветамі маланак успаміны дзяцінства.

Стыхія навальніцы кожны раз прыцягвала да сябе нейкія падзеі, здарэнні. Прыгадваю расказ бабулі, як яна ўвечары вярталася з сенакосу ў час навальніцы. Вялізны вогненны шар павольна плыў услед за ёю ажно да самае вёскі і нечакана знік.

Зараз пачатак сакавіка, і пара навальніц далёка. Але было адчуванне, што ў прыродзе рыхтуецца нейкая важная дзея, роднасная навальніцы. Сцямнела нечакана, хаця стаяў толькі пасляабедзенны час. Вялікія вокны майстэрні давалі мне мяккае, шэрае святло. Пакой напаўняла глухая цішыня. Я перастаў працаваць і прысеў на канапу. Такі стан прыроды дорыць імгненне, якому можна загадаць: «Спыніся!» — і яно застыне. Раптам пранёсся разбуральны парыў ветру, зашумелі дрэвы, загрымела сарваная з дахаў чарапіца. У вокны ўдарылі першыя цяжкія кроплі дажджу. За сценамі майстэрні бушавала стыхія. Я павольна патанаў у глыбокай плыні ўспамінаў. Водбліскі даўніх маланак раз-пораз асвятлялі прастору вакол мяне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *