Індыкі на снезе

Позняя восень. Я, праз год выпускнік мастацкай школы, падарожнічаю
па Беларусі.

Хатава. Звычайная вёска. Чырвоны касцёл, як і многія іншыя помнікі архітэктуры, забыты, закінуты чалавекам. Стары парк, ад касцёла ўніз пакаты схіл, магутныя клёны густа засялілі яго. Выпаў чысты снег — познюю восень вось-вось зменіць зіма. Змрочны вечар напаўняецца мяккім прыцемкам. Старыя клёны чорнымі постацямі падымаюцца па схіле ўгору, да касцёла. Яны стваралі нейкую напружанасць у прасторы, хваляванне, я нават адчуў павеў страху. Вершаліны ўпіраліся ў змрочнае нізкае неба і гудзелі ад пранізлівага ветру. Ствалы дрэў стаялі нерухома.

З глыбіні парку паказалася чорная пляма, яна была жывая і рухалася. Абмінаючы тоўстыя ствалы дрэў, пляма расцякалася, пасля зноў гуртавалася — гэта былі чорныя індыкі. Фантастычны вобраз чарады чорных цыбатых птушак на чыстым белым снезе, сярод доўгіх, магутных сілуэтаў дрэў у змроку — стваралася ўражанне смутку і трывогі.

Вялікім клінам пляма выцекла з парку, пакідаючы цемру нерухомых дрэў. Важак, вялікі цыбаты індык, аддзяліўся ад чарады і паважна пайшоў па заснежанай чыстай белай прасторы.
З-за павароту нечакана выехаў матацыкл з люлькай, ён прарэзліва трашчаў і ў густым вечаровым прыцемку сваімі абрысамі нагадваў касмічную пачвару. Індык павольна ішоў наперад, наперарэз матацыклу, і не звяртаў увагі на гул матора і прамень святла. Глухі ўдар, пасыпалася пер’е ва ўсе бакі…

Матацыкл знік за пагоркам так хутка, як і з’явіўся. Навокал зноў стала ціха. Вялікі чорны індык трапятаў у смяротных сутаргах.

Чарада птушак рушыла па белым снежным полі, разрэзаным чорнай паласой зямлі, следам ад колаў матацыкла, да індыка. Яны кругам абступілі параненага важака. Нейкае імгненне кола чорных птушак стаяла нерухома, а ў белым крузе яшчэ трапятаўся акрываўлены, смяротна паранены важак. Раптам індыкі рэзка самкнулі кола, шчыльна сышліся і моўчкі пачалі таптаць і дзяўбці свайго нядаўняга верхавога. Гэта працягвалася некалькі хвілін. Пасля, прыціхлыя, зноўку чорнай плямай падыбалі на пагорак. Чысты снег вакол важака быў утаптаны, змяшаны з зямлёю. Вялікая птушка ляжала нерухома, разбітая, раздзяўбаная. Змрок гусцеў, ператвараўся ў шчыльную цемру, якая засцілала снег, перамешаны з крывёю і зямлёю.

Я схамянуўся, бо ўвесь час стаяў нерухома, як слуп пры дарозе. Думаў — пра жорсткасць прыроды, бескампраміснасць інстынкту, яркі прыклад чаго толькі што назіраў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *