Бялыніцкая святыня

«Пазік» — аўтобус з сямейства «Запарожцаў», моцна заезджаны і які ўсю дарогу несціхана, як трактар, тарахцеў,— выруліў нарэшце на шумную плошчу раённага цэнтра. Тут былі і вакзал, і мясцовы базар, і цэнтр культурнага жыцця Бялынічаў. Карціна ў перапоўненым аўтобусе нагадвала перасяленне цыганскага табара. Калі «пазік» адчыніў вузкія дзверцы, з яго нутра паваліў народ з кошыкамі гародніны, жыўнасцю. У мяшках вішчалі маленькія парсючкі, якіх вяскоўцы прывезлі на продаж, у кошыках гагаталі гусі, кракалі качкі, кудахталі куры. Людзі хваляваліся, чамусьці ўсім хацелася выйсці з душнага чэрава «пасажыркі» адначасова. І яны штурхаліся, тузалі адно аднаго, ні з чаго раптам пачыналі сварыцца. Гэтак, напэўна, паводзяць сябе пасажыры ў момант пасадкі, калі іхні транспарт вось-вось ад’едзе, а яны спазніліся. Кожны імкнуўся як мага хутчэй ушчаміцца ў вузкі праём дзвярэй, а нехта спрабаваў выпхнуць сваю валізку праз адчыненае акно…

Бацька наказаў, каб я стаяў на відным месцы, нікуды не адыходзіў ад аўтастанцыі, пакуль ён возьме білет на Мінск і даведаецца расклад аўтобусаў. Я паслухмяна стаяў на вуліцы ў чаканні бацькі. Сонечныя прамяні ўжо досыць прыпякалі. Яны адбіваліся ў вялікіх паслянавальнічных лужынах, і мне было цікава назіраць, як сачылася ў блакітнай прасторы гэтае залатое святло. Птушкі заліваліся шчэбетам. Цвілі дрэвы, водар іхняй квецені змяшаўся ў агульны вясновы букет пахаў, і я на поўныя грудзі, ажно раздзімаліся ноздры, удыхаў святочнае паветра.

Плошча жыла сваім жыццём, віравала ў ранішніх клопатах, гандлявала, гаварыла, смяялася, турбавалася пра дзень заўтрашні. Раптам магутная сіла падняла мой позірк па-над людскім мурашнікам. І я ўбачыў руіны святыні! Вялізныя глыбы развалін былі загадкавымі, велічнымі. Як зачараваны, я рушыў да іх. Сілуэт разбуранага храма дамінаваў па-над плошчай, ён быў нібыта з іншай цывілізацыі. Павольна абышоў вакол вялікага сабора, уважліва ўзіраўся ў кожны ацалелы фрагмент. Каля параскіданых каменных глыбаў пачуваў сябе маленькай істотай. Высока ўздымаліся абломкі тоўстых сценаў з арачнымі праёмамі вокнаў. Угару імкнуліся калоны, з зямнога друзу яны неслі пад промні сонца таямніча-прыгожыя роспісы. Аб’ёмныя пілястры, стройныя і ўзнёслыя, залівала сонечнае святло, але раз-пораз яны абрываліся вышчарбленымі абломкамі чырвонай цэглы, якая на фоне блакітнага неба, змочаная навальнічным дажджом, нагадвала крывавыя кульцяпкі. Рудыя пісягі сцякалі па выцвілых белых сценах. Смяротна паранены храм захоўваў жыццёвую сілу. На сценах з ацалелых фрагментаў фрэсак на мяне пазіралі святыя, ангелы, апосталы. Я сустрэўся вачыма з Дзевай Марыяй, Божай Маці… і застыў.

Напаўсцёртыя, патрэсканыя, пабітыя рукою чалавека і непагаддзю роспісы сабора пакідалі ў маім сэрцы сумную карціну разбурэння. Амытыя вясновым дружным навальнічным дажджом, яны зараз нібыта ажывалі — зазіхацелі вясёлкавымі колерамі, заіскрыліся святлом. Месцамі былі відаць лесвічныя пралёты — і яны вялі ў неба. Я таксама паглядзеў у блакіт. Божа літасцівы, сапраўдны цуд! Якраз у гэты момант засвяцілася ў паслянавальнічнай прасторы вясёлка, яна ўзнесла сваю дугу па-над разбураным храмам. Я неадрыўна глядзеў у неба, у якім ззяў, іскрыўся ў яркім святле сяміколерны купал па-над развалінамі сабора. Ад святла пачало рэзаць вочы, і я заплюшчыў іх. Калі ж узняў павекі, цяпер перада мною чарнелі паўпадвальныя праёмы, засыпаныя бітай цэглай і тынкоўкай. У гэтым друзе паблісквалі пад сонцам рассыпаныя дробныя пацеркі і маленькія аскепачкі прыгожых некалі фрэсак — як дыяменты былой цывілізацыі.
Нехта паклаў мне руку на плячо — гэта быў бацька. Ён даўно мяне шукаў. Ужо былі куплены квіткі, і праз некалькі хвілін адпраўляецца наш аўтобус, які ішоў з Магілёва на Мінск праз Бялынічы. Аўтобус «ЛАЗ» быў паўнюткі, мы ледзь ушчаміліся і так, стоячы на адной назе, ехалі насустрач майму лёсу…

З гадамі тыя даўнія ўражанні ад разбуранага храма не пакідаюць мяне ні на імгненне. Яны ўва мне, пакуль жыву. Нават калі ў частых вандроўках захапляюся прыгажосцю іншай зямлі і гмахамі чужаземных дойлідаў, як сполах, паўстае перад вачыма Бялыніцкі — мой! — узарваны ўжо пры маім жыцці сабор. І боль гарачаю востраю іголкай глыбока працінае сэрца. Гэй вы, «майстры новага жыцця» — тыя, што пераўтваралі людзей у друз зямны, каб пасля з «гэтага матэрыялу вылепіць новага чалавека», тыя, што руйнавалі святыні, каб узвесці на іх месцы свае саркафагі,— дзе вы сёння, няшчасныя? Сярод нас… Думаючы пра вас, я дзякую Богу, што ніколі не зарабляў горкі рубель — тыя ж трыццаць сярэбранікаў?! — за працу, скіраваную на разбурэнне. Я толькі ствараў, і ўсе парыванні душы былі да прыгажосці, хараства, гармоніі. Цяпер мара майго жыцця — убачыць узняты з руінаў Бялыніцкі храм, вялікую святыню беларускай зямлі і народа.

Бялынічы зведалі шмат гістарычных падзей. Яны заснаваны продкамі на прыгожым узвышшы, якое дамінуе па-над наваколлем з далінай рэчкі Друць. Некалі былі вотчынай Льва Сапегі, які ў гонар перамогі над казакамі збудаваў драўляны касцёл і манастыр для ксяндзоў-кармелітаў. У 1653 годзе былі адпісаны ўчасткі зямлі ў Бялынічах, а таксама вёскі Царкоўшчына, Цяхцін і Вугольшчына. Напачатку тутэйшыя землі належалі Сапегам, Агінскім, Кансухоўскім. Пасля паўстання 1863—1864 гадоў былі канфіскаваныя царскімі ўладамі, выкупленыя С. Мясаедавым, а потым перайшлі да новых гаспадароў.

У 1756—1761 гадах драўляныя пабудовы ў Бялынічах разабралі, узвялі мураваныя. Фундатарамі былі пераважна Сапегі, Агінскія і Радзівілы, а такая кардынальная перабудова мястэчка была прымеркаваная да святочнай каранацыі іконы Бялыніцкай Божай Маці. Пра з’яўленне цудатворнага Бялыніцкага абраза ў манастыры кармелітаў існуе некалькі паданняў. Да таго ж кажуць, што святы абраз раней знаходзіўся ў бялыніцкай праваслаўнай царкве — Ільінскай.

З 1877 года ў сценах кармеліцкага манастыра размясціўся праваслаўны Мікалаеўскі мужчынскі манастыр з Мсціслаўля. Архіўныя дакументы сведчаць: «Царква манастыра каменная, а трох главах, прыгожая і высокая, відаць за дзесяць вёрстаў, асабліва з усходняга і паўднёва-заходняга бакоў… надзвычай характэрная пярэдняя частка храма зблізку. Над галоўным двух’ярусным фасадам, упрыгожаным калонамі і пілястрамі, узвышаюцца дзве стройныя чатырохвугольныя вежы, пакрытыя васьміграннымі купаламі, гэтыя вежы служаць званіцамі. Па цэнтры фасада, перад уваходнымі варотамі, зроблены высокі каменны тамбур, плоская кроўля якога ўяўляе сабою балкон. Паміж вежамі знаходзіцца невялікі, амаль трохкутны франтон, ён увенчаны фігураю Хрыста Збаўцы ў цярновым вянцы, які трымае высокі васьміканцовы крыж». (Іераманах Васілій. Бялыніцкі Ражаства-Багародзіцкі манастыр. Ч. 2. Магілёў-на-Дняпры, 1911. С. 7.)

Храм уяўляе сабою трохнефную базіліку з трансептам і паўкруглай апсідай, дзвюма чатырохвугольнымі вежамі. Вертыкальная трох’ярусная двухвежавая кампазіцыя з трохкутным франтонам, увенчаным скульптурнай постаццю Хрыста. Па словах іераманаха Васілія, інтэр’ер манастырскай царквы меў наступны выгляд: «Усярэдзіне храм падзяляецца на тры так званыя караблі, або нефы; сярэдні неф значна шырэйшы і вышэйшы, чым бакавыя, і аддзяляецца ад іх слупамі (па два з кожнага боку), якія падтрымліваюць аркі. Заканчваецца сярэдні неф паўкружжам, або так званай апсідай; насупраць алтара, над уваходам, у храме ўстроеныя хары, якія абапіраюцца на рад калонаў. У бакавых нефах устроена па аднаму «пределу» — у гонар святога прарока Іллі і ў гонар Свяціцеля і Цудатворца Мікалая; галоўны ж прастол устроены ў гонар Ражаства Прасвятой Багародзіцы.

Храм змяшчае ў сябе больш за тры тысячы чалавек, асвятляецца вялікімі вокнамі. Сцены і слупы, што падтрымліваюць аркі, упрыгожаны розных памераў іконамі, напісанымі як на палатне, так і прама на тынкоўцы (alfresco), жывапіс гэтых абразоў даволі добры, а некаторых нават вельмі добры; асабліва чатыры вялікія выявы св. Евангелістаў, змешчаныя на слупах сярэдняй часткі храма… Цудатворная ікона размяшчаецца на вышыні амаль 4,3 метра ад падлогі; для подступу да яе на вышыні болей за 2,1 метра ва ўсю шырыню алтарнай апсіды збудаваная пляцоўка з поручнямі; справа і злева на гэтую пляцоўку вядуць чыгунныя лесвіцы з поручнямі…

Каля цудатворнай іконы, па абодва бакі ад яе, звяртаюць яшчэ на сябе ўвагу 4 вялізныя, значна вышэйшыя за чалавечы рост, гіпсавыя скульптурныя выявы, якія ў народзе называюць «апосталамі» (выявы нейкіх святых рымска-каталіцкай царквы); калі касцёл быў перададзены праваслаўным у 1876 г., дык галовы з гэтых скульптур знялі, а адзін скульптар з Вільні прымайстраваў да тулаваў новыя галовы біблейскага тыпу…»

Шанаванне праваслаўнымі і католікамі іконы Божай Маці Бялыніцкай было надзвычай вялікім. Цудадзейны абраз ведалі далёка па-за межамі Вялікага княства Літоўскага, славіліся і Бялынічы — іх называлі «другім Чанстахова». У час Вялікай Айчыннай вайны храм быў пашкоджаны. А ў 60-я гады ХХ стагоддзя — узарваны і зруйнаваны… Як і многія іншыя святыні на Беларусі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *