Адлюстраванні

Дом майго сябра стаіць у прыгожым маляўнічым месцы. Дагледжаны сад, сярод дрэў насаджана шмат кветак, пакошаная, як газон, лугавінка, невялікае азярцо, абкладзенае каменнем і парослае разнатраўем. Суседнія дамы заслонены дэкаратыўнымі кустамі, дзіўнымі дрэвамі з шарападобнымі, пірамідальнымі кронамі, елкамі, карлікавымі сасонкамі. Павольна заходзіць сонца, і чыстае неба з празрыстым водсветам летняе барвы адбіваецца ў люстэрку азярца. Чырвоныя рыбкі злёгку кранаюць адбітак неба, яно хвалюецца ледзь-ледзь бачнымі кругамі. Гэта надае жыццёвы рух густому, шчыльнаму спакою наваколля. У небе, якое спачывае на вадзе, вострымі мячамі адбіваюцца графічныя сілуэты мячэўніка. Белая лілея…

Я сядзеў на беразе, каля самай вады. Хіліла ў лёгкі сон. Нехта паклікаў знаёмым голасам. Адчуванне было незвычайнае, мала таго — я стаяў на галаве. Мая галава і галава майго адлюстравання размаўлялі. Стаў азірацца, каб зразумець, што мне належыць. Не здзівіўся свайму чырвонаму колеру. Доўгае цела рыбы належала мне. I толькі падумаў: а што далей,— разам са мной мой адбітак скрануўся, паплыў лёгкім туманам. Бясконцая прастора ў пастэльных танах напаўнялася ўнутраным святлом. У ёй перамяшчаліся насычаныя па колеры постаці прыроды, незвычайна аздобленыя, ствараючы калейдаскоп уражанняў. Магутныя калоны ў некалькі абхватаў няведама дзе пачыналіся і заканчваліся. Фіялкавыя, бэзавыя, сінія, ружовыя і белыя — усіх колераў, якія існуюць на свеце. Золатам зіхацеў арнамент, надпісы, іерогліфы — усё гэта запаўняла форму калон. Постаці перамяшаліся, як думкі ў Сусвеце, не замінаючы адна адной.
Голас абудзіў, мроі развеяліся, я расплюшчыў вочы. Сад быў запоўнены вялізнымі свечкамі, і на кожнай з іх гарэла па некалькі агеньчыкаў. Адбітак вечара ў люстэрку вадаёма быў загадкавы і таямнічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *