Фрагмент з дзяцінства

Ультрамарын нябеснага купала насычаны водарам майскіх кветак і свежай, толькі што вымытай навальнічным дажджом зеляніны. Раніца, 1966 год. Дванаццацігадовы падлетак разам з бацькам з вёскі Вугольшчына ехаў у Бялынічы.

Задоўга да паездкі бацькі прачыталі ў мясцовай газеце аб наборы ў мастацкую школу-інтэрнат вучняў пачатковых класаў. З гэтага часу ўсяго мяне запаланіла вялікае жаданне — вучыцца ў той школе. Яно пульсавала, здаецца, у маёй крыві, у кожнай клетачцы цела, і душа нястрымна рвалася — да мары, якая для вясковага хлапчука, на першы погляд, была недасяжная. Я ўжо закончыў чатыры класы пачатковай школы ў Вялікіх Бялевічах і хадзіў у пяты клас Мала-Бялевіцкай сярэдняй школы. Нягледзячы ні на дождж, ні на снег, ні на іншыя праявы непагадзі, бялевіцкая дзятва з самага ранку шнурком цягнулася праз поле да навукі — у школу, якая была за тры кіламетры ад роднага двара. Звычайная пасялковая дарога за свой век утаптаная, уезджаная, адшліфаваная нагамі людзей і коней. Увосень і ранняй вясной яна для маіх сяброў рабілася цяжкаадольным шляхам да кніжнай навукі. У школу і са школы — пешшу, штодня, у зімовую завею, у веснавое разводдзе, у восеньскую слату. Асабліва страшна было ў познюю глухую восень, калі ідзеш у школу ў ранішняй цемры і ў такой жа цемры, але яшчэ больш густой і непрагляднай, пасля ўрокаў вяртаешся дамоў. Дарогі не відаць, і толькі нагамі намацваеш шлях, а месцамі трапляеш у яміны, чаравікамі чэрпаеш праз верх гразь. Яшчэ і ваўкі завываюць недзе ў лесе, іхняе выццё прымушае нас замест самастойнага шнурочка збівацца ў цесныя чародкі. Але мы не паказвалі свайго страху. Звычайна звечара рабіліся факелы. На доўгую палку накручваліся анучкі, іх туга перавязвалі аборкамі і на ноч акуналі ў вядро з саляркай. З раніцы школьнікі кучкаваліся за вёскай, запальвалі факелы і з гэтымі паходнямі рушылі праз цемень. Зімою дарога расчышчалася ад снегу трактарам. І толькі ў моцны мароз, калі слупок тэрмометра апускаўся ніжэй 25 градусаў, школьнікі заставаліся дома, сядзелі, як кажуць, на печы. Увесь астатні ж час звычайна а шостай гадзіне раніцы мяне, як і іншых школьнікаў, будзіў бой курантаў са Спаскай вежы Маскоўскага Крамля, які далятаў і да маленькай вёсачкі на Магілёўшчыне і гулка, як удары званоў, разносіўся з радыёпрыёмнікаў па хатах. Таму вучоба ў сталічнай мастацкай школе здавалася мне прыгожай казкай, у якую так хацелася б патрапіць!..

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *