Чорны конь

Вяселле, ды яшчэ ў двары лесніка — свята ўдвайне! Асяніны, восеньскія асноўныя работы ў полі завершаны, у вёсках гуляюць вяселлі. Старэйшая дачка ляснічага выходзіла замуж. Звычайна вяскоўцы, ад малога да старога, любяць паглядзець на маладую пару, вёска поўніцца размовамі — хто і адкуль жаніх, як прыбрана нявеста, што гатуюць на сталы і ці будуць наліваць на вуліцы.
Чорны конь — шыракагруды, магутны — запрэжаны ў святочны вазок для маладых. Звычайна каня паілі гарэлкай, сіламоццем улівалі ў рот,— для большай рэзвасці, каб пракаціцца па вёсцы са свістам. Дуга была прыбрана каляровымі стужкамі, кветкамі і званочкамі. Маладыя ў прыгожым, святочным убранні селі ў вазок. Конь хрыпеў, нацягваў лейцы, ірваўся на прастор. Расчыніліся вароты, вяскоўцы расступіліся, пад вясёлы свіст натоўпу конь ірвануў пад брамаю ў вароты і — рэзка ўздыбіўся, застыў на задніх нагах, як манумент. Стаў як укопаны! Ад такога відовішча прысутныя знямелі: я сядзеў пасярэдзіне брамы і пад канём. Чорны конь, уздыблены, стаяў над маім лёсам.

Гэта было настолькі нечакана, што людзі здранцвелі, ніхто не мог зрушыцца з месца. I ў адно імгненне незнаёмая жанчына кінулася да мяне, схапіла, моцна прыціснула да сябе і, як маланка, выскачыла з-пад каня. Чорны конь замаруджана, як зачараваны, апусціў на зямлю пярэднія капыты. Пастаяў. Потым вельмі павольна пераступіў з нагі на нагу, пайшоў, а пасля трусцой пабег па вуліцы.

Вяселле ажывілася. Мяне, разгубленага, абступілі, ціскалі, давалі цукеркі, супакойвалі. Шапталіся, азіраліся, шукалі маю збавіцельку, але яе і след прастыў. Жанчыны, якая выхапіла мяне з-пад каня, сярод прысутных не было. У вёсцы і па сёння, калі ўспамінаюць гэтае здарэнне, гавораць: была нябесная сіла.

У дзяцінстве я не раз чуў гэтую гісторыю. Калі вырас, пачаў бываць у розных мясцінах і гарадах, я заўсёды, дзе б ні знаходзіўся, звяртаю ўвагу на ўздыбленыя постаці коней. Гэта Санкт-Пецярбург і Берлін, Брусель і Парыж, гэта і фотаздымкі, ілюстрацыі, карціны…

А ў сёмым класе, калі я вучыўся ў мастацкай школе, на канікулах намаляваў на ўсю сцяну бацькоўскай хаты сюжэт з рыцарамі і ўздыбленым канём. Гэта была практычна мая першая вялікая манументальная работа. Пасля яе я пачуваў сябе «значным майстрам». Задума стварыць вялікую карціну на рыцарскую тэму фарміравалася з дзяцінства. Я гартаў кніжкі, шукаў адказы на пытанні, якія былі незразумелыя мне. Інтуітыўна я імкнуўся да нечага значнага. Рабіў замалёўкі, накіды, уяўляў герояў, коней над імі. Рыцарская тэма стала для мяне значнай. Гістарычны сюжэт вабіў сваёй рамантычнасцю. Уздыблены конь, паабапал воіны з коп’ямі і мячамі сцягваюць рыцара з сядла. На другім плане, на тары, палац. Намаляваў эскіз, пасля разбіў на клетачкі, перанёс на сцяну. Старанна маляваў, ляпіў форму акварэльнымі фарбамі. У гледачах і крытыках недахопу не было. Малодшы брат і сястра Лідзія, а ім было не болей сямі, увесь час імкнуліся мне дапамагчы. Старэйшы брат, Анатоль, больш спакойна і стрымана назіраў збоку. Дзядзька Мікола, а ён меў сваю мастацкую думку і аўтарытэт у маіх вачах, рабіў крытычныя заўвагі, папраўкі і даваў парады.
Час ляцеў. Па краях карціна абрывалася. Перад Вялікаднем заўсёды клеілі новыя шпалеры. Папсаваныя краі карціны заклейвалі. Фармат твора звужаўся.

Прайшло дзесяць гадоў, і ў чарговы мой прыезд я здзівіўся: на сцяне застаўся старанна абклеены фрагмент карціны, фарматам з разгорнутую кніжку. Галава рыцара і вуха з вокам каня. На сцяне, паклеенай свежымі яркімі, каляровымі шпалерамі, гэта «акенца» выклікала нечаканае ўражанне. Маці задаволена сказала, што яшчэ частка карціны захавалася, але час маляваць новы твор.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *